НАСІ́Р ХАСРО́Ў (Абу Муін) (1004, Кубадзіян, каля г. Балх, Афганістан — пасля 1072),
таджыкскі і персідскі паэт, філосаф, рэліг. дзеяч. У 1046—52 знаходзіўся ў Егіпце, свае ўражанні апісаў у «Кнізе падарожжа» («Сафар-наме»), Прыхільнік ідэалогіі ісмаілітаў. Пасля вяртання на радзіму праследаваўся як ератык і апошнія гады жыцця правёў у выгнанні ў гарах Паміра. Пісаў касыды панегірычнага, элегічнага, сатыр., рэліг. характару, любоўныя вершы, дыдактычныя паэмы. Захаваліся рэліг.-філас. трактаты, дыван (12 тыс. бейтаў — двухрадкоўяў), дыдактычная паэма «Раўшанайі-наме» (1053), у якіх асуджае прыдворную паэзію, выказвае спачуванне беднякам, абвінавачвае артадаксальнае духавенства, якое, на яго погляд, перашкаджала развіццю навук. і філас. думкі.
Тв.:
Рус. пер. — Лирика. М., 1979.
Літ.:
Ашуров Г. Философские взгляды Носири Хисрава. Душанбе, 1965.
т. 11, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)